Дняпроўская абласная бібліятэка для моладзі імя М. Святлова адкрыла анлайнавую «Аўтарскую Майстэрню», якая пазнаёміць карыстальнікаў з мясцовымі майстрамі рукадзелля, а таксама навучыць ствараць традыцыйны ўкраінскі хэндмэйд.
«Аўтарская Майстэрня» спалучае ў сабе адразу некалькі асобных кірункаў. Сярод іх «Аўтарская лялька» (відэа майстар-класы па стварэнні лялькі-матанкі), «Петрыкаўская кветка» (відэа майстар-класы па Петрыкаўскаму роспісу), «Майстэрня Мастака» (мастацкія анлайн заняткі), «Гісторыі Майстроў» (кароткія відэа гісторыі пра майстроў Днепрапятроўшчыны) і «Мастацкая галерэя» (віртуальная галерэя-продаж аўтарскіх работ майстроў).
«Размаўляючы з жанчынамі ад 30 да 45 гадоў, я высветліла, што яны цікавяцца традыцыямі і культурай Украіны, атрымліваюць задавальненне, натхненне падчас стварэння вырабаў уласнымі рукамі. Тады і ўзнікла ідэя стварэння паслугі «Аўтарская Майстэрня», якая прадугледжвае відэа з майстар-класамі па стварэнні лялькі-матанкі», — дзеліцца бібліятэкар Наталля Спарыхіна.
Пазней для пашырэння аўдыторыі карыстальнікаў да паслугі дадалася і «Майстэрня Мастака», якая прыцягнула дзяцей ад 12 да 16 гадоў, якія імкнуцца ўдасканаліць свае навыкі малявання.
Разам з тым, па словах Наталлі, тэма Петрыкаўскага роспісу, якая зараз прадстаўлена паслугай «Петрыкаўская кветка», ужо даўно мае попыт у жаночай аўдыторыі бібліятэкі ва ўзросце ад 13-ці да 25-ці гадоў.
«Падчас тэставання прататыпа з майстрамі я даведалася, што яны не ўмеюць рэкламаваць і прадаваць свае вырабы. У мяне ўзнікла вялікае жаданне ім дапамагчы і зрабіць так, каб як мага больш людзей даведалася пра іх працу. Так у «Майстэрні» з’явіліся новыя кампаненты «Гісторыі майстроў» і «Мастацкая галерэя», — распавядае Наталля Спарыхіна.
Паслуга «Аўтарская Майстэрня» працуе пры бібліятэцы імя М. Святлова з 1 верасня 2020 г.
Вынікі праекта
Расказвае Наталля Спарыхіна:
«Пакуль паслуга дзейнічае ў інтэрактыўным рэжыме, але 5 лістапада ў межах праекта адбылося адкрыццё персанальнай выставы мастака Валянціна Назаранка, які праводзіў майстар-класы ў «Аўтарскай Майстэрні». Таму можна сказаць, што мы спалучаем розныя фарматы.
Дзякуючы выставе ў гэтым месяцы ў бібліятэку прыходзіць шмат моладзі, вучняў, сяброў і проста аматараў жывапісу. Выстава мае вялікі поспех, і ўжо ёсць людзі, якія хочуць набыць працы мастака.
Сваю паслугу мы даем бясплатна, але магчымыя і платныя, індывідуальныя майстар-класы па замове, цану якіх вызначае непасрэдна майстар. Кліенты таксама могуць набыць наборы для творчасці або аўтарскія працы.
Майстар-класы ў нас даўно карыстаюцца попытам, таму павелічэння іх папулярнасці мы пакуль не назіраем. З іншага боку, нам удалося прыцягнуць да супрацоўніцтва новых партнёраў.
Веды, што я атрымала падчас праекта, маюць велізарную каштоўнасць, таму што яны неабходныя ў нашай паўсядзённай працы і накіраваны на развіццё і рух наперад. Цяпер мы стараемся пры правядзенні мерапрыемстваў абапірацца на канкрэтныя патрэбы нашых карыстальнікаў. Робім апытанні, выкарыстоўваем таксама назіранні, стараемся зрабіць так, каб мерапрыемствы прыносілі канкрэтную карысць нашым кліентам».