Стварай культуру:
бібліятэчныя інавацыйныя паслугі

У 2020 г. Украінская бібліятэчная асацыяцыя (ВГО Українська бібліотечна асоціація) рэалізуе міжнародны праект пад назвай «Стварай культуру: бібліятэчныя інавацыйныя паслугі», які падтрымлівае Еўрапейскі Саюз па праграме Дом Еўропы. На конкурснай аснове было адабрана 32 бібліятэкара з Украіны і Беларусі, якія прайшлі навучанне з удзелам дацкіх і ўкраінскіх трэнераў. Па выніках навучання кожны бібліятэкар-удзельнік распрацаваў і ўкараніў у сваёй бібліятэцы новую інавацыйную паслугу для развіцця крэатыўных індустрый, якія прадстаўлены на дадзеным рэсурсе.

Традыцыйнае рукадзелле праз кнігу і бібліятэку

Бібліятэка імя В. А. Сіманенкі для дзяцей у Кіеве дапаможа наведвальнікам пазнаёміцца з традыцыйнымі тэхнікамі вышыўкі, этнаграфіяй, а таксама навучыць ствараць інтэрнэт-старонкі для прасоўвання і продажу ўласных вырабаў.

Па словах арганізатараў, паслуга нацэлена на дзяцей школьнага ўзросту і жанчын розных узроставых катэгорый. Бібліятэка прапануе карыстальнікам адразу некалькі напрамкаў актыўнасцяў, сярод якіх анлайн-лекцыі пра гісторыю вышыўкі, анлайнавыя і «жывыя» майстар-класы з удзелам спецыялістаў, трэнінгі па прасоўванні сваёй творчасці праз Інтэрнэт.

Апошняе ахоплівае не толькі знаёмства з рознымі платформамі, якія будуць карысныя вытворцам хэндмэйда, але і вывучэнне прынцыпаў стварэння фотакантэнту і суправаджальных тэкстаў.

«Сёння ўсё часцей бацькі звяртаюцца ў бібліятэку з пытаннем, як адцягнуць дзяцей ад гаджэтаў, аб’яднацца па творчых інтарэсах і зацікавіць іх змястоўным вольным часам. Размаўляючы з юнымі чытачамі, мы выявілі, што ім цікава адпачываць з бацькамі, наведваць цікавыя месцы, праводзіць вольны час творча, разам маляваць, рабіць вырабы, вучыцца новаму, даведвацца пра традыцыі нашага народа, наведваць майстар-класы», – распавядае бібліятэкар Таццяна Сярэбранікава.

Бібліятэка ўжо пратэставала паслугу разам з жаночым клубам «Берагіня» падчас Усеўкраінскай летняй школы мастацтвазнаўства Малой акадэміі навук Украіны, прыцягваючы навучэнцаў 8-10 класаў. У працэсе стала зразумела, што задума цалкам прыдатная да анлайнавага рэжыму працы.

Паслуга працуе бясплатна, але карыстальнікі маюць магчымасць рабіць дабрачынныя ўнёскі на рахунак Цэнтралізаванай бухгалтэрыі раёна.

Вынікі праекта

Расказвае Таццяна Сярэбранікава:

«Цяпер нашай паслугай карыстаюцца школьнікі і жанчыны рознага ўзросту. Яны вывучаюць рукадзелле, знаёмяцца з этнаграфіяй з дапамогай кніг, якія ёсць у нашых фондах.

Гэтыя веды імгненна рэалізуюцца на практыцы, што дазваляе нам такім чынам працягваць традыцыю жывой матэрыяльнай культуры ўкраінцаў.

Нам здаецца, што паслуга абсалютна адпавядае місіі бібліятэкі – яна падахвочвае да чытання, задавальняе інфармацыйныя і культурныя патрэбы карыстальнікаў, а таксама падтрымлівае іх творчыя ініцыятывы. Гэта дае магчымасць іншым бібліятэкам пераймаць вопыт і ўкараняць распрацаваную намі мадэль на базе іншых бібліятэчных сістэм краіны».

picture
picture

Чытай таксама