Нацыянальная бібліятэка Беларусі пачала праводзіць дыстанцыйныя заняткі, якія будуць распавядаць карыстальнікам пра кніжную культуру.
Такую паслугу вырашылі ўкараніць у бібліятэцы падчас пандэміі, калі заняткі ўжывую сталі праблематычнымі. Работнікі ўстановы пачалі разглядаць магчымыя варыянты адаптацыі да сітуацыі і перакладу заняткаў у новы фармат.
«Пасля апытання карыстальнікаў быў абраны варыянт дыстанцыйнага навучання, для якога мы разам з калегамі з сектара навукова-праектнай работы распрацавалі спецыяльную базу«, – каментуе загадчык сектара Таццяна Сапега.
Прататып паслугі быў апрабаваны на карыстальніках бібліятэкі, у выніку чаго першачарговая канцэпцыя зведала кардынальныя змены.
«Першапачаткова планавалася арганізаваць анлайн-заняткі, але кліенты не хацелі мець урокі «як у школе». Іх таксама не цікавілі прапанаваныя анлайн-чытанні, бо такіх прапановаў шмат ад актораў і пісьменнікаў. З дапамогай карыстальнікаў бібліятэкі мы распрацавалі новыя, цікавыя для кліента прапановы: навучальныя тэсты, творчыя заданні і конкурсы», – дадае Таццяна Сапега.
Паслуга прадастаўляецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі з красавіка 2020-га года.